A A+ A++

Будучыню Беларусі Лукашэнка бачыць у няспыннай жорсткай канфрантацыі з Захадам аж да пагрозы адкрытага ўзброенага канфлікту і сталай барацьбе з іншадумцамі.  Гэта вынікае са зместу ўхваленых Усебеларускім народным сходам дакументаў. Чым новая Ваенная дактрына Беларусі адрозніваецца ад папярэдняй, як яна звязаная з абноўленаю Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, разбіраўся belsat.eu. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заключны этап камандна-штабнога вучэння з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва – 2020» у Віцебскай вобласці, Беларусь. 16 кастрычніка 2020 года.

Фота: БелТА

Дэманізацыя Захаду

Новая Ваенная дактрына Беларусі мае рэзка антызаходні характар. У дактрыне 2016 года пра калектыўны Захад, ЗША, NATO, Польшчу і краіны Балтыі ўвогуле не было ніводнай згадкі. Той дакумент быў сфармуляваны ў вельмі стрыманых і дыпламатычных выразах, што пакідала Беларусі вялікую прастору для манеўру. Напрыклад, тэзіс пра тое, што «геапалітычныя цэнтры» імкнуцца пашыраць свой уплыў за кошт інтарэсаў іншых дзяржаваў, можна было трактаваць амбівалентна: і як папрок Захаду, і як папрок Расеі.

У новай дактрыне ад такой шматвектарнасці не засталося і следу. Захад у гэтым дакуменце вінавацяць у агрэсіўнай палітыцы і намеры ўзяць пад кантроль «рэсурсы ўсёй планеты», што можа прывесці да развязвання сусветнай вайны «ў тым ліку з ужываннем зброі масавага знішчэння». NATO называецца «інструментам экспансіі», а на Захад ускладаецца адказнасць за вайну ва Украіне.

Аўтары дактрыны вінавацяць дзяржавы Усходняй Еўропы ў «павышанай агрэсіўнасці» і стварэнні ўмоваў для проксі-вайны супраць Беларусі. Польшчу вінавацяць у спробе змяніць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь і прывесці да ўлады падкантральныя Захаду палітычныя сілы. Зрабіць гэта нібыта плануецца або праз каляровую рэвалюцыю, або праз правакаванне ўнутранага ўзброенага канфлікту» з выкарыстаннем незаконных узброеных фармаванняў з ліку «радыкальна настроеных» беларусаў.

Гаворыцца ў дактрыне і пра пагрозу з боку нейкіх «транснацыянальных карпарацыяў і міжнародных фінансавых фондаў», якія нібыта могуць выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах прыватныя вайсковыя кампаніі.

Агляд

Вагнэраўцы ў Беларусі: колькі засталося і чым яны займаюцца?

2024.03.01 17:19

Міжнародны ўзброены канфлікт і ядравая зброя

Адначасова з гэтым новая Ваенная дактрына ўзмацняе прывязку Беларусі да Расеі. Ужо на першай старонцы дакументу гаворыцца, што Беларусь гатовая абараняць «агульныя інтарэсы» сваіх вайсковых саюзнікаў «з выкарыстаннем усіх сродкаў у распараджэнні дзяржавы».

Прынцыпова важна, што ў новай ваеннай дактрыне дапускаецца ўдзел беларускага войска ва ўзброеных канфліктах па-за межамі тэрыторыі Беларусі.

«Выконваючы ўзятыя на сябе саюзніцкія абавязкі, Рэспубліка Беларусь не бярэ ўдзелу ў ваеннай агрэсіі, але прызнае магчымасць удзелу ў міжнародным узброеным канфлікце па-за межамі сваёй тэрыторыі ў межах запэўнівання калектыўнай бяспекі і дзейнасці для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі», – гаворыцца ў артыкуле 37.

У абноўленай дактрыне нават уводзіцца новы панятак – «кааліцыйная вайна». Яна ў тым ліку можа стацца вынікам агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы і краінаў АДКБ з боку «геапалітычных цэнтраў сілы».

Выкарыстанню ўзброеных сілаў у рамках саюзніцкіх пагадненняў увогуле адведзены асобны раздзел. Пры гэтым нельга сказаць, каб Беларусь узяла на сябе нейкія новыя абавязкі: насамрэч у дактрыну проста перанеслі тыя фармулёўкі, якія былі даўно замацаваныя на ўзроўні адпаведных міжнародных пагадненняў у рамках Саюзнай дзяржавы або АДКБ. Гэтак, у пункце 20 супольнай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы гаворыцца, што «дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць любыя дзеянні з выкарыстаннем ваеннай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаваў-удзельніц, як замах на Саюзную дзяржаву ў цэлым і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў у іх распараджэнні». Абсалютна тая ж фармулёўка цяпер змяшчаецца ў артыкуле 90 нацыянальнай дактрыны.

Але ўвага да ўзаемадзеяння з саюзнікамі ў новым дакуменце сапраўды значна павялічылася. Да ваенных выклікаў цяпер аднесены, напрыклад, ўнутраны ўзброены канфлікт на тэрыторыі краіны-саюзніка і выхад з агульнага ваенна-палітычнага блоку аднаго з сябраў арганізацыі (гэтаму пункту адпавядае выхад Арменіі з АДКБ).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні Калектыўных сілаў АДКБ «Узаемадзеянне-2022», «Пошук-2022», «Эшалон-2022» у Казахстане. 3-10 кастрычніка 2022 года.

Фота: odkb-csto.org

Размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі цяпер замацавана на ўзроўні Ваеннай дактрыны і называецца «важным складнікам прэвентыўнага стрымлівання патэнцыйных праціўнікаў ад развязвання ўзброенай агрэсіі». Пра парадак і ўмовы яе выкарыстання нічога не гаворыцца. Цікава, што ў дакуменце пакінулі адназначную фармулёўку: «ядравая зброя Расейскай Федэрацыі». То бок няма намёкаў на тое, што Беларусь неяк можа распараджацца ядравымі боегалоўкамі ці хаця б уплываць на іх выкарыстанне.

Каментар

Якая ядравая зброя ёсць у Лукашэнкі? Эксперт тлумачыць: ніякай і быць не можа

2024.04.26 13:37

Барацьба з ідэямі

Яшчэ адна адметнасць новай Ваеннай дактрыны – накіраванасць на пошук унутраных ворагаў.

Каб зразумець, наколькі радыкалізавалася ўнутраная палітыка афіцыйнага Менску з 2016 году, дастаткова паглядзець, як змянілася чацверты раздзел дактрыны, дзе тлумачыцца, што з’яўляецца крыніцай ваеннай небяспекі для Беларусі. Восем гадоў таму на апісанне ўнутраных пагрозаў і рызык адводзілася прыкладна паўстаронкі тэксту, цяпер – амаль дзве старонкі.

У прыватнасці, да ваенных рызык, выклікаў або пагрозаў аднесены:

  • «прапаганда ідэяў, распрацоўка планаў па змене дзейнай улады ў Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў узброенай барацьбы»;
  • «распаўсюд ідэяў касмапалітызму, апатрыдызму і іншых, якія вядуць да адмовы ад традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў і арыенціраў»;
  • «агітацыя, якая падрывае давер насельніцтва Рэспублікі Беларусь да вайскова-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы і іх рашэнняў»;
  • «перарастанне варожасці па ідэйна-палітычных перакананнях» у масавыя беспарадкі;
  • масавае ўхіленне беларусаў ад службы ў войску;
  • гвалтоўная гібель Аляксандра Лукашэнкі.

Значная частка вонкавых ваенных рызык, выклікаў і пагрозаў таксама звязаная з сітуацыяй унутры Беларусі.

«У выніку інспіраванай звонку дзейнасці тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый па дэстабілізацыі абстаноўкі і абвастрэнні ўнутрыпалітычных супярэчнасцяў, парушэнню нацыянальнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь на яе тэрыторыі можа быць развязаны ўнутраны ўзброены канфлікт у мэтах гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы», – зазначаецца ў пятым раздзеле. Увогуле ў дакуменце шмат гаворыцца пра стварэнне і фінансаванне ўзброеных фармаванняў з ліку беларусаў, якія могуць быць выкарыстаны для сілавой змены ўлады ў краіне.

У артыкуле 60 наўпрост гаворыцца пра магчымасць ужывання ваеннай сілы ў мірны час у мэтах перадухілення «дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспублікі Беларусь у рамках антыкрызіснага рэагавання», а таксама «падтрымання асаблівых прававых рэжымаў функцыянавання дзяржавы».

Hавiны

У Менску завялі больш за 2,5 тысячы крымінальных спраў за «экстрэмізм» за год

2024.02.11 19:31

«Экстрэмізм у любых праявах»

Яшчэ да таго як Ваенная дактрына была прынятая, у Мінабароны абяцалі, што яна будзе шчыльна звязаная з абноўленай Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі (КНБ). Праект новай КНБ з’явіўся амаль год таму і «Белсат» тады падрабязна яго разбіраў. Выніковы варыянт дакументу прынцыпова не адрозніваецца ад папярэдняга.

Агульны кірунак зменаў і Ваеннай дактрыны, і КНБ прыкладна аднолькавы. Калі ранейшая КНБ мела адносна ўніверсальны характар, то новая КНБ адлюстроўвае цяперашнія масавыя рэпрэсіі, моцную залежнасці ад РФ і суўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Вільні адсвяткавалі Дзень волі. Увечары адбыўся мітынг на Лукішскай плошчы, дзе быў выкананы гімн БНР. На мітынгу сабралася некалькі соцень чалавек. Вільня, Літва. 25 сакавіка 2024 года.

Фота: Белсат

Напрыклад, пагрозай нацыянальнай бяспекі будуць лічыцца дзеянні, «накіраваныя на дыскрэдытацыю або зрыў электаральных кампаніяў», а таксама «непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, выкарыстанне экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі». У новай версіі КНБ гаворка вядзецца пра «праявы экстрэмізму ў любых яго формах» («экстрэмізм» – эўфемізм для пратэставай дзейнасці і іншадумства), ёсць згадкі пра стварэнне за мяжой «недзяржаўных узброеных фармаванняў». Спіс крыніцаў пагрозаў уключае ў сябе выкарыстанне «інструментаў мяккай сілы» для ўплыву на Беларусь, «дыскрэдытацыю» і «злоўжыванне асобнымі дзяржавамі або групамі дзяржаваў мандатамі і механізмамі міжнародных арганізацыяў для аказання ціску на Рэспубліку Беларусь».

Сярод іншага, нейтралізаваць унутраныя крыніцы пагрозы прапануецца пры дапамозе ўзмацнення ролі дзяржавы, удасканалення сістэмы «контртэрарыстычнай і антыэкстрэмісцкай дзейнасці» і супрацьдзеяння «дэструктыўнаму інфармацыйнаму ўздзеянню». Таксама падкрэсліваецца важнасць ідэалагічнага выхавання моладзі і бесперапыннага маніторынгу стану даверу грамадзян.

Нейтралізаваць вонкавыя пагрозы прапануецца ў тым ліку шляхам умацавання Саюзнай дзяржавы, захавання «традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў» і абароны грамадства ад «нетрадыцыйнай ідэйнай і каштоўнаснай экспансіі».

Люстэрка курсу Лукашэнкі

Такім чынам, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і асабліва Ваеннай дактрына фіксуюць асноўныя ідэалагічныя наратывы рэжыму Лукашэнкі на цяперашнім этапе яго развіцця: вернасць Маскве, дэманізацыя Захаду і няспынны пошук унутраных ворагаў.

З гэтых стратэгічных дакументаў можна зрабіць выснову, што насамрэч Лукашэнка больш за ўсё баіцца не вонкавай агрэсіі NATO, а рэвалюцыі, паўстання і сілавой змены ўлады ў Беларусі. У Ваеннай дактрыне вельмі шмат згадак пра нейкія антыўрадавыя беларускія ўзброеныя фармаванні, якія ствараюцца па-за межамі Беларусі. Мяркуючы па ўсім, цяпер улады разглядаюць добраахвотнікаў з палка Каліноўскага і парамілітарныя фармаванні накшталт Паспалітага рушэння як галоўную пагрозу для сябе.

Некаторыя палажэнні Ваеннай дактрыны не выклікаюць нічога акрамя здзіўлення. Што, напрыклад, маецца на ўвазе пад распаўсюдам ідэяў касмапалітызму і апатрыдызму? Да чаго тут «транснацыянальныя карпарацыі»? Часам гэта больш падобна на вытрымкі з нейкай тэорыі змовы, чым на сур’ёзны дзяржаўны дакумент.

Аднак менавіта гэтыя тэзісы мусяць вызначаць палітыку Беларусі ў сферы бяспекі. Ваенная дактрына і КНБ – гэта дакументы, які апрыёры маюць бестэрміновы характар, яны могуць дзейнічаць дзесяцігоддзямі. То бок менавіта такім Лукашэнка бачыць будучыню Беларусі: у няспыннай жорсткай канфрантацыі з Захадам аж да пагрозы адкрытага ўзброенага канфлікту і пастаяннай барацьбе з іншадумцамі, на якіх будуць навешвацца прапагандысцкія ярлыкі ў дыяпазоне ад «экстрэмістаў» да «касмапалітаў».

Аб’ектыў

Лукашэнка баіцца беларусаў?

2024.04.25 20:29

Глеб Нержын belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułKMP w Siemianowicach Śląskich organizuje rodzinny piknik rowerowy “Ja jadę – Ty pomagasz”
Następny artykułJanusz Steinhoff: Polska jest w najlepszym momencie swojej historii. Doganiamy najbardziej rozwinięte gospodarki świata